БАБРУ́ЙСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ САЛДА́ТАЎ 1905,

рэвалюцыйнае выступленне салдатаў дысцыплінарнага батальёна ў Бабруйскай крэпасці, дзе за рэв. дзейнасць трымалі на суровым рэжыме 900 салдатаў (4 роты), у т. л. 300 матросаў Балтыйскага флоту. 5 снеж. салдаты 3 рот адмовіліся ісці на страявыя заняткі, захапілі зброю і запатрабавалі ў 5-дзённы тэрмін вырашыць пытанне аб іх вызваленні. На мітынгу выпрацаваны дадатковыя патрабаванні: неадкладная мабілізацыя прызваных у армію з запасу, скарачэнне тэрміну службы, адмена цялесных пакаранняў, ліквідацыя дысцыплінарных батальёнаў і штрафных рот, вызваленне паліт. зняволеных, перадача зямлі сялянам, 8-гадзінны рабочы дзень і інш. Віленскі ген.-губернатар накіраваў у Бабруйск карную экспедыцыю на чале з ген. Арловым, якая прымусіла паўстанцаў здацца. Па справе аб паўстанні было адсуджана 28 чалавек.

т. 2, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)